Прычыны рашэньня звароту вуніятаў у склад праваслаўнай царквы ў Беларусі
Прычыны рашэньня звароту вуніятаў у склад праваслаўнай царквы ў Беларусі
Антоний Васильевич Миронович
Професор, Доктор исторических наук
Заведующий кафедрой истории Центральной и Восточной Европы
Белостокского университета
г. Белосток, Польша
Рашэньня сабору Грэка-каталіцкай царквы ў справе аб'яднаньня вуніятаў з Праваслаўнай царквой пракламаванa было ў Полацку 12 лютага 1839 году ў Нядзелю Праваслаўя. Праз 243 гады зноў на беларускіх землях Праваслаўная Царква вярнула сабе дамінуючую пазіцыю. Беларускі народ вярнуўся ў сваёй масе да "старажытнай грэчаскай веры", якую прынялі яго продкі ў X XII стагодзьдзі. У праваслаўнай веры заставаліся беларусы у сваёй масе да сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя, перажываючы мангольскія наезды і прасьледаваньні з боку каталіцкай польска-літоўскай улады. У 1596 годзе беларусам была навязана вунія, якая падпарадкавала іх Ватыкану.
Вунія, якую падтрымлівалі сьвецкія ўлады і каталіцкае духавенства, прывяла да рэлігійных войнаў, казацкіх паўстаньняў, а з імі да аслабленьня сувязі беларускага насельніцтва з Рэчу Паспалітай, што давяло яе да заняпаду. На пачатку ХІХ стагодзьдзя па ўсёй беларуска-літоўскай тэрыторыі, якая аказалася ў межах Расеі, засталіся толькі невялікія групы праваслаўных цэркваў і манастыроў. Дамінаваў пераважна Каталіцкі касьцёл і Грэка-каталіцкая царква пасьля Замойскага сабору /1720/ ўсё больш набліжалася да лацінізму. Спрыяла гэтаму ліберальная палітыка цара Аляксандра I. Аж да паўстаньня 1830 г. дзейнічалі без перашкод сэмінарыі і каталіцка-вуніяцкія школы. Захоўвалася тагачасная арганізацыйная структура каталіцкага і вуніяцкага касьцёлаў разам з дыяцэзіямі.
На прыняцьце рашэньня аб аб'яднаньні вуніятаў з Праваслаўнай царквой аказала ўплыў некалькі фактараў. Найважнейшым з іх было становішча Грэка-каталіцкай царквы. Вуніяцкае духавенства вучылася ў каталіцкіх сэмінарыях. Пасады ў царкве аддаваліся выхаванцам каталіцкіх сэмінарыяў, поўнасьцю падпарадкаваных лацінскаму касьцёлу. Тагачасны каталіцкі епіскапат цікавіўся праблемай вуніі толькі на столькі, каб утрымаць кантроль над мясцовым насельніцтвам і духавенствам. Свабода ў інтэрпрэтацыі догмаў веры ўсходняй царквы лацінскім духавенствам і перш за ўсё несур'ёзныя адносіны да традыцыі царквы, сталі прычынай парушэньня прынцыпаў функцыянаваньня грэка-каталіцкай царквы. Вуніятаў надалей трактавалі як пераходную стадыю ад праваслаўя да каталіцызму. Вуніяцкае духавенства ніколі не атрымала роўных правоў з каталіцкім клерам. Кафедры ў вуніяцкай царкве атрымалі толькі тыя людзі, што імкнуліся шляхам паступовых зьменаў наблізіць грэка-каталіцкі абрад да рымска-каталіцкага. Толькі вельмі нязначная частка манастырскага духавенства /базыльянаў/ патрабавала зраўняць іх у правах з каталіцкім духавенствам і захаваць у царкве ўсходнюю абраднасьць. Палітыка іерархіі вуніяцкай царквы прывяла да зьмены ў яго літургіі, абраднасьці і арганізацыйнай сыстэме. У рамках лацінізацыі вуніяцкай царквы былі зьліквідаваныя іканастасы, а на іх месца уведзены алтары. Масава былі ўведзены ў цэрквах амбоны, манстранцыі, канфэсіялы і арганы. Літургічнае адзеньне і абсталяваньне храмаў набліжалася да лацінскіх касьцёлаў.
Найбольшыя зьмены былі зробленыя ў багаслужэньні, шляхам увядзеньня ціхіх малітваў, ціхіх чытаных службаў, а таксама ўведзена культ сьвятых каталіцкага касцёла. Праваслаўныя літургічныя кнігі былі заменены вуніяцкімі. Зьмены ў абраднасьці заключаліся, між іншым, у споведзях, хрышчэнні і ў эўхарыстыі /па каталіцкаму ўзору/. Царкоўна-славянская мова багаслужбы замянялася польскай. Папярэднюю мову пропаведзяў - старабеларускую - таксама паступова выцясьняла польская. Значныя зьмены адбыліся ў становішчы праваслаўных цэнтраў на беларуска-літоўскіх землях.
Адміністрацыйны падыход рускага праваслаўнага духавенства, пры адсутнасьці выразнай палітыкі Рускай праваслаўнай царквы да новаанексіраваных да Імпэрыі зямель давяло да шэрагу канфліктаў з духавенствам і веруючымі. Расейскія царкоўныя ўлады дапусьцілі шмат нетактоўнасьцяў да існуючых манастыроў і парафіяў праз вывазы беларускіх духоўных у глыб Расеі. На іх месца было прыслана расейскае духавенства, якое ня ведала мясцовых беларускіх традыцыяў і становішча праваслаўнага насельніцтва. Беларускія царкоўныя абрады вялікарускае царкоўнае духавенства адкідала як вуніяцкае. Ліквідаваны былі такім чынам ня толькі парафіі, якія на працягу двух стагодзьдзяў змагаліся за захаваньне веры сваіх продкаў, але таксама і мясцовыя традыцыі "закладныя святы", абрады, калядаваньне.
Пры гэтых зьменах дайшло да парушэньня мясцовых сьвятасьцей - памяншэньня рангу культу сьвятых /беларускіх/ і мясцовых царкоўных звычаяў. Пратэст насельніцтва выклікала таксама зьмена, асабліва пасьля 1839 года - мовы пропаведзяў з мясцовай /беларускай і ўкраінскай/ на расейскую. Не згаджалася мясцовае духавенства і на ўмяшаньне сьвецкіх уладаў у жыцьцё праваслаўнай царквы. Наступіла абніжэньне пазіцыі і аўтарытэту ранейшых архімандрытаў і пратапопаў. Іх месца занялі расейскія ўладыкі [5, с. 33-38].
Перад 1839 годам грэка-каталіцкая царква аказалася ў цяжкім становішчы і далейшае яе існаваньне стала немагчымым. Перад ёю паўстала альтэрнатыва: або яе поўнасцю паглыне рымска-каталіцкі касцёл, злацінізаваны і спалянізаваны,або злучэньне з расейскай праваслаўнай царквой. Разумела гэта і духавенства і веруючыя вуніяцкай царквы.
Нязгода ў поглядах на далейшы лёс сваёй царквы наступіла сярод вуніятаў асабліва пасьля паўстаньня І830 года. Яго ўзнікненне прысьпешыў працэс пераходу вуніятаў у праваслаўе. Разумеў неабходнасьць гэтага і арганізатар аб'яднаўчага сіноду Язэп Сямашка, які стаяў тады у цэнтры спраў грэка-каталіцкай царквы.
Язэп Сямашка нарадзіўся 25 сьнежня І798 года ў вёсцы Паўлаўка Ліпавецкага павету. Яго бацька, Цімафей Сямашка быў вуніяцкім духоўным. Пачаткі сваёй адукацыі Сямашка здабываў у праваслаўнага дыякана Бачкоўскага, а затым у Няміраўскай гімназіі. У 1816 годзе ён паступіў у Галоўную сэмінарыю ў Вільні [4, с. 15], дзе пасьля чатырох гадоў вучобы атрымаў званьне доктара тэалогіі. 21 сьнежня 1820 году ён атрымлівае рукапалажэньне на духоўнага ад луцка-астрогскага вуніяцкага епіскапа Якуба Мартусевіча. Вялікія веды і інтэлектуальная пастава спрыялі таму, што Язэп Сямашка быў выбраны членам кансістара Луцкай дыяцэзіі. У 1822 годзе яго выбіраюць старшынёй гэтага Кансістара і луцкім дэканам. Яшчэ ў тым-жа годзе яго назначаюць прадстаўніком вуніяцкага дэпартамэнту ў рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу [2, с. 15]. У такім хуткай кар’еры Сямашкі ў вуніяцкай царкве рашаючымі сталі яго арганізацыйныя здольнасьці і дасканалая тэалягічная падрыхтоўка, а таксама яго адданасьць дзейнасьці на карысьць паляпшэньня матэрыяльнага і праўнага становішча вуніятаў у Расейскай імпэрыі.
Яшчэ ў Пецярбургу паглыбіліся ў Язэпа Сямашкі вынесеныя з дзяцінства сымпатыі да праваслаўя. Яго зачаравала царкоўная архітэктура, жывапіс і сьпеў. Мастацкія ўражаньні не прынесьлі яму дагматычных ці арганізацыйных адрозьненьняў цэркваў. Сьвядомасьць, што можна іх пазбыцца, стала падставай далейшай дзейнасьці вуніяцкага духоўнага. Дапамагло яму ў гэтым пазнаньне ў Пецярбургу праваслаўнай тэалёгіі і багацьця яе рэлігійных каштоўнасьцей. Пазьней ён пісаў: "Я даўно пераканаўся да праваслаўя ўсходняй царквы і гэта дзякуючы чытаньню і дакладным пошукам, а адначасова я належаў да заходняга касьцёла..." [4, с. 30].
Пачатак дзейнасьці ў напрамку аб'яднаньня вуніятаў з праваслаўнай царквою сустрэўся з шэрагам перашкод. Супраць аб'яднаньня выступіла каталіцкае духавенства і значная частка вуніяцкага. Неакрэсленую дакладна палітыку ў адносінах да вуніятаў праводзіла іерархія расейскай царквы і царская адміністрацыя. Толькі дзякуючы выключным арганізацыйным здольнасьцям Язэпу Сямашку, удалося стрымаць далейшую лацінізацыю вуніяцкай абраднасьці і зацікавіць планам аб'яднаньня сваіх аднаверцаў і важныя пэрсоны ў Маскве і Пецярбургу [1, с. 866]. Такога роду дэейнасьць ён мог пачаць пасьля таго, як у кансісторыі прыняў на сябе ўсе справы зьвязаныя з існаваньнем грэка-каталіцкай царквы ў Расеі.
У 1827 годзе Язэп Сямашка апрацаваў мэмарыял аб стане грэка-каталіцкай царквы ў Расеі, у якім прааналізаваў гісторыю вуніі і запрапанаваў план аб'яднаньня вуніятаў з праваслаўнай царквой. Праект атрымаў падтрымку цара Мікалая I. У 1828 годзе былі зробленыя першыя значныя крокі, якія аддзялялі вуніятаў ад католікаў, між іньшым, утварэньне незалежнай грэкака-таліцкай калегіі і рэарганізацыя царквы. 3 чатырох вуніяцкіх дыяцэзій былі створаны дзьве: беларуская і літоўская [3, 15-36].
У адрозьненьні ад іерархіі Рускай праваслаўнай царквы Язэп Сямашка паступова ўводзіў змены ў сыстэме кіраваньня царквой, абрадах, традыцыі і літургіі. Напрыклад, была ўведзена забарона высылаць вуніятаў у каталіцкую семінарыю ў Вільні, арганізацыя вуніяцкай семінарыі ў Жыровічах, увядзеньне ў асновы вуніяцкага навучаньня сыстэмы праваслаўнага школьніцтва, зраўнаньне ў правах вуніятаў з праваслаўнымі ў школах. Уведзеныя ў 1828-1829 гадох зьмены давялі да аддзяленьня вуніяцкай іерархіі ад каталіцкай, арганізаваньня ўласнага школьніцтва і узросту праваслаўных настрояў сярод духавенства і верных грэка-каталіцкай царквы.
Язэп Сямашка, ведаючы гісторыю ўвядзеньня вуніі, імкнуўся ўсімі сіламі не дапусьціць да насільля пры яе ліквідацыі, ён дасканала разумеў, што аб паставе верных вырашаць іх духоўныя. Таму ён пісаў: "Просты народ стане праваслаўным так хутка, як хутка яго духавенства стане праваслаўным" [4]. Яго ацэнка знайшла пацьверджаньне ў гісторыі. Вуніяцкія парафіі хутка станавіліся праваслаўнымі, калі перайшлі на "грэцкую веру" іх прыхадзкія сьвятары. Там, дзе сьвятары супраціўляліся прыняцьцю праваслаўя, даходзіла да пратэстаў і бунтаў. Каб працэс аб'яднаньня меў больш лагодны характар, асаблівая роля была прыпісана вуніяцкім школам, у першую чаргу семінарыям у Полацку і Жыровічах. Там выхоўвалі духоўных у духу адзінства веры і культуры з Праваслаўнай царквой.
1829 год прынёс дзьве значныя падзеі - каранацыя Мікалая I на караля Польшчы і высьвячэньне Язэпа Сямашкі на епіскапа. Абодва адыгралі важную ролю ў справе аб'яднаньня вуніятаў з Праваслаўнай царквой. Праца над падрыхтоўкай аб'яднаўчага сі-ноду была прысьпешаная ў сувязі з пачаткам лістападаўскага паўстаньня. Яго нэгатыўна асудзіла іерархія вуніяцкай царквы [3, с. 24]. Сямашка выкарыстаў удзел вуніяцкіх духоўных у паўстаньні як прычыну для таго, каб распусьціць многія базыльянскія манастыры.
Дацэньваючы лаяльную паставу епіскапа Язэпа, царскія ўлады выразілі згоду, каб Сямашка быў выбраны ардынарыям літоўскай кафедры. Уваход Сямашкі на гэтую пасаду практычна абазначаў пачатак аб'яднаньня вуніятаў з Праваслаўнай царквой. Важнай перашкодай у гэтым была палітыка новаўтворанай праваслаўнай дыяцэзіі ў Полацку. Епіскап Смарагд, па нацыянальнасьці рускі, ня ведаў спэцыфікі праваслаўя на Беларусі, а тым больш вуніі. Яго адміністрацыйныя мэтады ліквідацыі вуніі выклікалі шмат пратэстаў мясцовага насельніцтва. Увядзеньне вялікарускага праваслаўя, нішчачы мясцовыя традыцыі, неахвотна прымалася праваслаўнымі ў Полацкай дыяцэзіі. Зноў пачалі адраджацца пракаталіцкія сымпатыі часткі вуніяцкага духавенства. У такім становішчы Сямашка ўнёс прапанову аб падпарадкаваньні вуніяцкай калегіі Сьвяшчэннаму Сіноду Расейскай Праваслаўнай Царквы, а пасьля яе адхіленьня 12 мая 1833 года, складае просьбу аб прыняцьці вуніятаў у склад Праваслаўнай царквы. Адначасова літоўскі епіскапат праводзіць значныя рэформы ў грэка-каталіцкай царкве. Ён ліквідуе права патранату і кцітарства, уводзіць у вуніяцкую царкву праваслаўныя служэбнікі і літургічныя кнігі. У царкву вяртае іканастасы, праваслаўныя прадметы абраду і літургічнае адзеньне.
Каб хутчэй правесьці гэтыя зьмены ў жыцьцё царквы,Язэп Сямашака высьвяціў у студзені 1834 году трох дадатковых епіскапаў: Васіля Лужынскага, Ёзафата Жарскага і Антона Зубко. Сам літоўскі епіскап правёў візытацыю вуніяцкіх цэркваў, каб пераканацца ў адносінах духавенства і верных да яго рэформаў. У час візытацыі ён таксама зьбіраў подпісы духоўных пад дэкларацыяй далучэньня да Праваслаўнай царквы. Праціўнікаў аб'яднаньня сустракалі рэпрэсіі: 130 дэканаў, нязгодных з рэформамі літоўскага ўладыкі, былі адсунутыя ад пасад і пасаджаныя ў манастыры [3, с. 30]. Рэакцыяй на дзейнасьць Сямашкі былі пратэсты верных часткі вуніяцкіх парафій, асабліва на Беласточчыне. Выступленьні адбыліся асабліва там, дзе прыхадзкія сьвятары былі выпускнікамі каталіцкай семінарыі і поўнасьцю спалянізаваліся, як гэта было, напрыклад, у 1838 годзе з Антонам Сасноўскім у Кляшчэлях.
1835-36 гады былі пэрыядам далейшых рэформаў у вуніяцкай царкве. Была зьменена арганізацыйная структура, уведзены праваслаўныя літургічныя кнігі, ўнутраныя ўпрыгожаньні вуніяцкіх цэркваў сталі падобнымі да праваслаўных. Нягледзячы на антыбеларускую паставу полацкага епіскапа Смарагда і ўзмоцненай агітацыі каталіцкага духавенства, наступаў таксама ў сьвятароў грэка-каталіцкіх узрост сьвядомасьці. Гэты факт дазволіў Язэпу Сямашку зноў зьвярнуцца да расейскага Сінода Праваслаўнай Царквы пісьмом ад 24 верасьня 1836 году аб дазволе пераходу на праваслаўе. На гэты раз царскія ўлады зарэагавалі хутка. У студзені 1837 году быў выдадзены царскі ўказ аб перадачы ўсіх спраў грэка-каталіцкай царквы пракурору Сінода. Адначасова літоўскі епіскап прыняў зноў візытацыю вуніяцкіх парафій літоўскай і беларускай дыяцэзій, падрыхтоўваючы духавенства да пераходу на праваслаўе.
Сямашка задаволена сцьвярджаў, што ўсе цэрквы літоўскай дыяцэзіі сваім унутраным выглядам нагадваюць цэрквы да 1596 году. Іншае становішча было ў беларускай дыяцэзіі, якой кіраваў мітрапаліт Булгак, непрыхільна настроены да аб'яднаньня. Толькі яго сьмерць у 1838 годзе і замена Васіліем Лужынскім, прыхільнікам аб'яднаньня, падрыхтавала беларускую дыяцэзію да прыняцьця праваслаўя.
3 сакавіка 1838 году Язэп Сямашка стаў старшынёй грэка-вуніяцкай калегіі. 3 гэтага года ёсьць дакладныя дадзеныя аб адносінах вуніяцкага духавенства да ідэі аб'яднаньня. У літоўскай дыяцэзіі з 1057 духоўных за аб'яднаньне выказалася 760, а ў беларускай з 680 падпісалася 186 [3, с. 34]. Антыправаслаўнае стаўленьне духавенства ў беларускай дыяцэзіі было вынікам неразважнай дзейнасьці епіскапа Смарагда. Каб зьмяніць такое не зусім прыязнае становішча, Сямашка на пачатку 1839 года разам з берасьцейскім епіскапам Антонам Зубко едзе ў Полацк і праводзіць шырокую агітацыю за аб'яднаньне. 12 лютага 1839 у Праваслауную нядзелю сабраўся Сабор, у якім удзельнічалі літоўскі епіскап Язэп Сямашка, полацкі - Васіль Лужынскі і берасьцейскі - Антон Зубко, 24 вышэйшых духоўных, а таксама былі прадстаўнікі сьвецкай грамадзкасьці. На саборы было пракламавана аб'яднаньне, а дакумэнт гэты падпісалі ўдзельнікі Сабору. Адначасова быў накіраваны ліст да сінода і да цара Мікалая I з просьбай прыняць іх у склад Праваслаўнай Царквы Да пасланьняў быў далучаны сьпісак 1305 духоўных, якія выказаліся за аб'яднаньне.
25 сакавіка 1839 году Сінод Расейскай Праваслаўнай Царквы выдаў наступнае паведамленьне : “Епіскапаў, духавенства і верных да сёньня грэка-вуніяцкай царквы згодна з правамі і прыкладамі айцоў Царквы прымаем у нашу праваслаўна-каталіцкую усходнюю ўсерасійскую Царкву" [4, с. 51-52].
Грэка-вуніяцкую калегію назвалі літоўска-беларускай і падпарадкавалі яе Сіноду. Узначаліў яе павышаны да годнасьці архіепіскапа Язэп Сямашка. Такім чынам адбылося афіцыйнае аб'яднаньне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўнай царквой на Беларусі і Літве. /Аднак уніфікацыя ўсіх вуніятаў з праваслаўем працягвалася аж да I сусьветнай вайны/.
Дакумэнт ад 12 лютага 1839 году прынёс глыбокія рэлігійныя і палітычныя перамены. Наступіла афіцыяльная ліквідацыя грэка-каталіцкага абраду ў Расеі і ўзрост значэньня Рускай Праваслаўнай царквы на землях далучаных да імпэрыі.
Пастанова Сінода ў Полацку ліквідавала рэлігійны разлом сярод беларусаў, які быў зроблены ў 1596 г. на берасьцейскім саборы. Паварот вуніятаў у праваслаўе быў паражэньнем палітыкі падпарадкаваньня беларускага і украінскага насельніцтва кіраўніцтву Ватыкану. Увядзеньне вуніі не зьліквідавала Праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. Берасьцейскі сабор давёў толькі да грамадзкіх і рэлігійных канфліктаў, што толькі ў выніку ўсяго гэтага прысьпешыла ўпадак Польскай дзяржавы. Абарона правоў дысыдэнтаў /праваслаўных і пратэстантаў/ сталася прэтэкстам да паздзелаў Польшчы.
Разборы Рэчы Паспалітай стрымалі разьвіцьцё вуніі. Ужо ў пэрыяд чатырохгадовага сойму перадавыя польскія патрыёты зразумелі неабходнасьць зраўнаньня ў правах прыхільнікау "грэчаскай веры" з іншымі веравызнаньнямі. Палякі нават падумалі аб стварэньні Патрыярхата Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай. Упадак Рэчы Паспалітай паставіў вуніятаў перад альтэрнатывай: пераход на каталіцызм, або зварот да веры сваіх продкаў. Становішча вуніяцкай царквы разумелі і яго кіраўнікі. У вызначэньні кірунку выбару памагло вуніяцкай іерархіі зразуменьне факту поўнага падпарадкаваньня - дагматычнага, абрадавага і культавага - Каталіцкаму касьцёлу. Зразуменьне кіраўніцтвам страты ўсходняга характару Грэка-каталіцкай царквы - было першым крокам да паяднаньня з Праваслаўнай царквой. Вуніяцкае беларускае і ўкраінскае грамадзтва, культурна зьвязанае з рускім і ўваходзячае ў склад Расейскай імпэрыі, раней ці пазьней павінна было аказацца ў Праваслаўнай царкве. Моўныя, абрадавыя арганізацыйныя адрозьненьні прымусілі Сямашку да эвалюцыйнага пераходу вуніятаў на праваслаўе. Памагала гэтай эвалюцыі некалькі фактараў: частковае дагматычнае адзінства, царкоўна-славянская мова, усходняя сыстэма сьветапоглядаў і маральныя прынцыпы.
Літаратура
1. Ботяновский, В. Ф. Иосиф Семашко и воссоединение униатов // Исторический вестник. – 1893. –Т. XIV. – c. 866.
2. Киприяновнч, Г. М. Высокопреосвященный Иосиф Семашко, митрополит литовский и виленский. – Вильно, 1894. – c. 15.
3. Петручук, В. Жыцьцё і дзейнасьць Язэпа Сямашкі мітрапаліта літоўскага і віленскага /1798-1868/. – Беласток, 1988, – c. 14 36.
4. Семашко, И. Записки митрополита литовского. – Санкт-Петербург, 1893. – c. 15.
5. Mironowicz, A. Kościół prawosławny na ziemiach polskich w XIX i XX wieku. – Białystok, 2005. – c. 33– 38.