Сімвалу палескай веры —225 гадоў

Менавіта столькі споўніцца 15 кастрычніка храму Покрыва Прасвятой Багародзіцы, што ў Прыбалавічах

Царква з’яўляецца самым старэйшым будынкам раёна, яго візітнай карткай — разам з Царом-дубам у Данілевічах і кар’ерам у Глушкавічах. Нягледзячы на розныя катаклізмы, нягоды, што апаноўвалі Прыбалавічы ў мінулым стагоддзі і раней, царква захавалася да нашага часу, хаця і ў змененым выглядзе. Зараз тут, як і шмат гадоў назад, праводзяцца Літургіі. І вось добрая навіна ў кожны дом ― царкве спаўняецца 225 гадоў. З гэтай нагоды заўтра ў Прыбалавіцкім храме адбудзецца святочная Літургія з удзелам духавенста. Пачатак у 9 гадзін.

З гэтай нагоды хочацца ўзгадаць, што перажыла царква.

Такой вялікай, якой зараз мы яе бачым, яна стала не адразу. Спачатку, у 1797 годзе, была пабудавана званіца з часоўняй, якую назвалі ў гонар Покрыва Прасвятой Багародзіцы. Яна была прыпісана да прыходу яшчэ адной вялікай вёскі ― Данілевічы. І толькі з 1825 года званіца стала асобным праваслаўным храмам. Менавіта тады павялічыўся памер будынка. У 1885-1888 гадах зроблены рамонт. У 1911 годзе працавала царкоўна-прыходская школа.

У час Вялікай Айчыннай вайны ад знішчэння зберагла кляновая алея. Па словах былога настаяцеля прыхода айца Пятра, фашысты ў снежні 1942 года сагналі жыхароў вёскі ў былы магазін, а потым падпалілі. Агонь разыйшоўся вялікім полымям, падхопліваючы пад сябе ўсё жывое. Ён забраў жыцці сялян. Мог праглынуць і царкву, якая стаяла непадалёку. Але не перакінуўся таму, што шлях перагарадзіла кляновая алея.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гісторыі царквы пачалася новая эпоха. Прыходу дазволілі функцыянаваць і дакументы аформілі згодна закону, які дзейнічаў 12 снежня 1945 года, зазначыўшы пры гэтым адсутнасць паўнацэннага будынка для набажэнстваў. Хаця Свята-Пакроўская царква, у адрозненні ад іншых поўнасццю знішчанных у вёсцы будынкаў, засталася непашкоджанай і ў поўнай меры магла прымаць сваіх прыхаджан.

Былі выпады замаху на цэласнасць будынку. У пасляваенны час моладзь, якая сабралася на танцы ў сельскі клуб, убачыла двух незнаёмых мужчыну і жанчыну, што ішлі да храма. Прыбалавічы — вялікая вёска, каля трохсот двароў, але кожны ведае адзін аднаго. Насцярожыла мясцовых жыхароў і тое, што прышэльцы неслі каністры. Да каго збіраліся з ёмкасцямі? Усё высветлілася, калі пара паспрабавала абліць царкву бензінам і падпаліць.

На абарону храма кінуліся ўсе, хто знаходзіўся ў клубе тым вечарам. Спынілі падпальшчыкаў папераджальныя выстралы ўчастковага інспектара міліцыі, які прыбыў па выкліку. Так вёсцы ўдалося не толькі пазбегнуць вялікага пажару, але і захаваць старажытны будынак. Цяжка ўявіць, што было, калі б не пільнасць прыбалоўцаў.

Тым, што выстаяла, канешне, царква абавязана, у першую чаргу, сваім прыхаджанам. Яны абаранялі яе, калі было патрэбна, адбудоўвалі ў розныя гады. На працягу двух ці болей стагоддзяў з пакалення ў пакаленне жыхары вёскі даглядалі і дапамагалі прыходу. Таму з чыстай душою і сумленнем ішлі на багаслужэнне, хрысцілі сваіх дзяцей, вянчаліся, хавалі памёрлых. І зараз храм выглядае так, што хочацца да яго падыйсці, прываблівае ён, прыцягальны.

Подых даўніны пануе і побач з царквою ў Прыбалавічах. Куды ні кінь вока ― усюль тут адчуваецца старажытнасць, прысутнічае дух нашых продкаў-палешукоў. На ўнутраным двары, што за царквою, могілкі, якім не адзін век. Сярод крыжоў самы старажытны ― каменны. Ён падобны на той, што расце ў Тураве. Ніжэй, за могілкамі, спускаецца яшчэ вуліца ― Пакроўская. Ідзеш па ёй і добра ўяўляецца, якімі былі Прыбалавічы гадоў так 150 назад, i так хораша на душы становіцца…

Канстанцін КАВАЛЁЎ.
Фота аўтара.

Источник