СУПРАЦЬСТАЯННЕ БРАЦКІХ ПРАВАСЛАЎНЫХ ШКОЛ КАТАЛІЦЫЗМУ М.М. Музычэнка УА “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна”

Праца прысвечана барацьбе праваслаўных брацкіх школ
з каталіцызмам. Месца і роля брацкіх школ у беларускай культуры
і адукацыі XVI–XVIII ст. мела вялікае значэнне. Асаблівасцю іх дзейнасці на тэрыторыі Беларусі з’яўлялася захаванне беларускай мовы.
Пасля заключэння Люблінскай уніі пануючай рэлігіяй на тэрыторыі Беларусі стаў каталіцызм. Асноўным правадніком каталіцызму з’яўляліся езуіты. Першая езуіцкая калегія была адчынена ў Полацку ў 1581 г. пры непасрэдным удзеле караля Стэфана Баторыя і езуіта Пятра Скаргі. Наступнай адчынілася Нясвіжская калегія ў 1584 г. Мікалаем Радзівілам (Сіроткам). На працягу XVII ст. езуіцкія калегіі адчыніліся у такіх гарадах, як Орша, Брэст , Бабруйск, Гродна, Магілеў, Пінск, Навагрудак, Віцебск, Слуцк, Драгічын. Адукацыя ў калегіях давалася слабая і ў асноўным релігійнага напрамку. Як пісаў адзін з вучняў такой калегіі Ф. Вальтэр:
“Я не ведаў той краіны, у якой нарадзіўся, я не ведаў ні галоўных законаў, ні інтарэсаў маёй радзімы; я нічога не разумеў у матэматыцы, нічога
ў філасофіі; я ведаў толькі латынь і глупства” [1].
Каб супрацьстаяць каталіцкаму засіллю у процівагу езуіцкім вучылішчам (калегіумам), брацтвы адкрывалі ў гарадах свае школы. Першымі брацкімі школамі былі Львоўская і Віленская, якія ўзніклі ў 80-х гадах XVI ст. Па іх прыкладзе ствараліся аналагічныя школы і ў Беларусі.
У канцы XVI – першай палове XVII ст. брацтвы з’явіліся ў Брэсце
(1591 г.), Мінску (1592 г.), Магілеве, Полацку, Віцебску, Слуцку і інш. Значнае месца ў брацкіх школах займалі царкоўныя спевы, «свяшчэннае пісанне», царкоўны статут. Акрамя гэтых прадметаў, у школе вывучаліся славянская, грэчаская, «руская» (г. зн. беларуская), лацінская і польская мовы, арыфметыка, рыторыка і дыялектыка. У брацкіх школах выкладанне вялося на царкоўна-славянскай і беларускай мовах. Брацкія школы распаўсюджвалі асвету сярод беларускага насельніцтва, рыхтавалі пісьменных людзей, так неабходных растучым беларускім гарадам
і мяшчанскаму саслоўю, якое набывала палітычную вагу.
Брацтвы праводзілі вялікую культурна-асветніцкую дзейнасць, якая з’яўлялася, па сутнасці, адной з форм ідэалагічнай барацьбы. Яна заключалася ў арганізацыі школ, друкарняў, выданні падручнікаў, палемічных твораў і іншай літаратуры. Акрамя падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, брацтвы друкавалi рэлігійна - палемічныя кнігі, або як іх называлі «мяцежніцкія», г. зн. антыкаталіцкія творы, накіраваныя супраць паланізацыі і акаталічвання беларускага насельнідтва. Невыпадкова каталіцкая царква абвінавачвала брацтвы ў тым, што яны сваімі друкаванымі творамі «до разрухов и невзгод и до бунтов дорогу подают и указуют». Але брацтвы не спыняліся толькі на ідэалагічнай барацьбе. Яны аказвалі адзін аднаму неабходную дапамогу, падтрымлівалі цесную сувязь з брацтвамі віленскім, львоўскім і кіеўскім. Вялiкае значэнне мела дзейнасць брацтваў для развіцця культурных сувязей паміж беларускім
і ўкраінскім народамі, існавала досыць цеснае асветніцкае ўзаемадзеянне
з Львоўскім і Кіеўскім брацтвамі.
Адмоўную ролю у барацьбе праваслаўнай царквы з каталіцызмам адыграла Рэфармацыя. Па меры распаўсюджвання каталіцызму
і рэфармацыі многія магнаты і шляхта пачалі пакідаць праваслаўе,
а змяніўшы веру, сталі прысвойваць сабе маёмасць, якая знаходзілася пад апекай іх царкоўных устаноў. У гэтых умовах праваслаўная Царква страціла істотную частку сваёй паствы з асяроддзя феадалаў і гарадскога насельніцтва. Так, у 2-й палове XVI ст. перасталі існаваць многія праваслаўныя прыходы, а іншыя прыйшлі ў заняпад. Цяжкасці, якія перажывала праваслаўная царква, узмацняліся і тым, што епіскапскія кафедры часта аказваліся ў руках свецкіх людзей, якія, выкарыстоўваючы фінансавыя цяжкасці караля, куплялі іх за грошы. Такія пастыры былі не падрыхтаваны да выканання сваіх абавязкаў, а горш за ўсе проста не жадалі іх выконваць. Яны бачылі ў сваім высокім сане толькі крыніцу ўзбагачэння. Прыкладам могуць служыць мітрапаліты Кіеўскія: Сільвестр Бялькевіч (1556–1567 гг.), Ілля Куча (1576–1579 гг.), Анісіфор Девоча (1579–1589 гадах). Да канца XVI ст. Беларусь уваходзіла ў склад Полацкай, Тураўскай і Смаленскай дыяцэзій. Праваслаўная царква спрабавала выйсці з крызісу шляхам ўмацавання ўнутрыцаркоўнага парадку, узмацнення сваіх пазіцый у грамадстве, рэфармавання манаскага жыцця. Аднак непаслядоўнасць у ажыццяўленні рэформаў прывяла толькі да сутыкнення епіскапата і вернікаў, аб’яднаных у праваслаўныя брацтвы. Намецілася відавочнае збліжэнне паміж праціўнікамі біскупаў і ўсходнімі патрыярхамі. Усё гэта прымушала шукаць заступніцтва ў папы, а выратаванне праваслаўнай царквы шукаць у уніі з Рымам. Ідэя царкоўнай уніі знаходзіла падтрымку і з боку дзяржаўнай улады, зацікаўленай у рэлігійным адзінстве і разрыве сувязей паміж Кіеўскай мітраполіяй і іншымі часткамі праваслаўнага свету. Праўда, прыняўшы рашэнне аб падначаленні папе Рымскаму, біскупы выставілі ўмову захавання праваслаўнай дагматыкі і абрадаў. Аднак папская курыя прымусіла прыняць каталіцкае веравучэнне. Праваслаўным былі пакінуты толькі абрады, але з агаворкай, калі такія не супярэчаць каталіцкаму вучэнню.
Па меры абвастрэння ў краіне палітычных супярэчнасцей, узмацнення палітычнай ролі польскіх феадалаў у жыцці Вялікага княства Літоўскага ў асяроддзі пануючага класа, гарадской вярхушкі расла цяга да каталіцызму і ўніяцтва як сродкаў умацавання сваіх саслоўных эканамічных і палітычных пазіцый. Уніяцкая царква імкнулася замацаваць свае пазіцыі пры дапамозе брацтваў, якія к сярэдзіне XVII ст. былі створаны ў многіх буйных гарадах Беларусі, асабліва ў яе заходняй частцы. Пры падтрымцы магнатаў і каралеўскай улады ў 1597 г. Брэсцкая брацкая школа была перададзена ўніятам. Такі ж лёс у 1631 г. напаткаў Пінскую, Магілёўскую, Мінскую, Навагрудскую і іншыя брацкія школы. Аднак пераважная большасць сялянства і гараджан, сярэдне-
і дробнапамесныя феадалы аставаліся ў апазіцыі да каталіцызму і уніі [2].
Наступленне феадальна-каталіцкай рэакцыі ў другой палове XVII ст. паставіла асвету беларускага народа ў вельмі неспрыяльныя ўмовы. Урад Рэчы Паспалітай у саюзе з самай рэакцыйнай і агрэсіўнай сілай каталіцызму ордэнам езуітаў закрываў брацкія школы і друкарні, знішчаў кнігі на зразумелай беларускаму народу мове. У канцы XVII ст. асвета ў Беларусі стала манаполіяй каталіцкай і ўніяцкай цэркваў,
а беларуская мова была выцеснена з афіцыйнага ўжывання польскай.
Праўда, у другой палове XVII ст. брацкія школы існавалі яшчэ ў Полацку, Гродна, Мазыры, Магілёве, Мінску, Брэсце і некаторых іншых мясцінах. Аднак дзейнасць іх ва ўмовах нацыянальнага прыгнёту сустракала на сваім шляху велізарныя цяжкасці. Пастаянныя праследаванні брацтваў, неаднаразовыя і беспакараныя пагромы, якія арганізоўвала езуіцкае і базыльянскае духавенства, прывялі да значнага скарачэння колькасці брацкіх школ.
Значэнне брацкіх школ як сродку ідэалагічнага выхавання гараджан у духу супраціўлення паланізацыі і барацьбы з каталіцкай царквой узрастала па меры абвастрэння рэлігійна - палітычных супярэчнасцей як у самой Беларусі, так і паміж Расіяй і Рэччу ГІаспалітай. Такім чынам, брацкія школы адыгралі вялікую ролю ў захаванні і развіцці культурнай спадчыны беларусаў, вызначэнні і зацвярджэнні іх культурна – гістарычнай адметнасці.

Спіс выкарыстанных крыніц
1. Исаевич, И. Д. Роль братств в издании и распространении книг на Украине и Белоруссии (конец XVI–XVIII в.) / И. Д. Исаевич. – М.: Книга и графика, 1972. – 132 с.
2. Мещеряков, В.П. Братские школы Белоруссии (XVI – 1-я пол. XVII в.)
/ В. П. Мещеряков // Минск: БГУ, 1977. – 57 с.