АФАНАСІЙ ФІЛІПОВІЧ АБ БЕРАСЦЕЙСКАЙ ЦАРКОЎНАЙ УНІІ А.Я. Барсук УА “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна”

Берасцейская царкоўная унія выклікала шматлікія супярэчлівыя працэсы ў грамадстве і дзяржаве, абвастрэнне міжканфесійнай
і сацыяльна-палітычнай барацьбы. Славутым барацьбітом якой быў Афанасій Філіповіч, вядомы прадстаўнік праваслаўнай рэлігійна-палемічнай літаратуры першай паловы XVII ст., катэгарычны праціўнік пашырэння ўніяцтва, аўтар «Диариуша албо списка деев правдивых,
в справе помноженя и объясненя веры православное голошеный» – выдатнага помніка грамадскай думкі Рэчы Паспалітай. Гэты твор быў складзены з ранейшых публіцыстычных прац «Навіны», «Фундамент непарадку касцёла рымскага», «Супліка трэцяя», «Прыгатаванне на суд», «Парада пабожная» і багаслоўскі трактат «Аб фундаменце царкоўным»
Дзейнасць Афанасія Філіповіча цалкам была скіравана на абарону праваслаўя, захаванне «великого народа христианского» [1, с. 117] ад прымусу ўрадавых колаў, крытыку канфесійнай палітыкі ў дзяржаве «вынищити тут в панстве христианском веру православную Грецкую»
[1, с. 89].
Філіповіч аргументаваў свае думкі, абапіраючыся на аўтарытэт Бібліі, цытаваў працы не толькі візантыйскіх айцоў царквы Аўгусціна, Іаана Златавуста і Іаана Метафраста, Псеўда-Дыянісія Арэапагіта, Феафілакта, але і іспанскага прапаведніка і багаслова XVI ст. А. дэ Костра, галандскага філосафа і гісторыка XVI – пачатку XVII ст. Ю. Ліпсіуса, польскага гісторыка XV ст. Я. Длугаша [2, с. 371].
У дачыненні да Берасцейскай царкоўнай уніі ён выкарыстоўваў выключна словазлучэнне «унея проклятая», якая павінна быць «згублена на веки», таму што выклікала «розделене Руси» і «непотребные колотни», парушала грамадзянскую згоду: «похлебства, лакомства, заздрости, здрады, нецноты а найбарзей пыха ся проклятая замножила; для тоей, и порядок духовный и светский южь-южь загинул» [1, с. 74, 88, 104].
Аб катэгарычным непрыняцці ўніяцтва сведчыць перадсмяротны запавет – эпітафія на надмагіллі святога Афанасія: «Абы не была унея проклятая.., только ты, одна Церкви святая!» [1, с. 154].
Афанасій Філіповіч са спасылкай на Длугаша сцвярджаў, што Русь спачатку падпарадкоўвалася Канстанцінопальскаму патрыярху. Унія – праклятая, таму што ўніяты пакінулі свайго пастыра і перайшлі ў падначаленне да Папы Рымскага, у той час як усім пяці хрысціянскім сталіцам: Канстанцінопальскай, Антыёхскай, Рымскай, Александрыйскай, Іерусалімскай – Богам была дадзена роўная духоўная ўлада. Праклён заслужылі былыя праваслаўныя іерархі – Пацей, Рагоза, Цярлецкі, якія сталі ўніятамі з карыслівых разлікаў. Унія спарадзіла крывавыя канфлікты паміж хрысціянамі, жорсткі пераслед праваслаўных з боку ўніятаў і нават унутрыдзяржаўную вайну з казакамі. Аднак цяпер «час наступил розделенья благословенных од проклятых». І чыніць суд і аднавіць справядлівасць у дзяржаве павінен кароль як зямны выканаўца Боскага Промыслу. Ён разглядаў «барзо мудрых» езуітаў галоўнымі натхняльнікамі «проклятой унеи»
і пераследу праваслаўных [1, с. 85, 90, 92, 99–104, 128–130, 134].
У сваіх працах «Навіны», «Супліка трэцяя» праваслаўны святы сведчыў аб дыскрымінацыі вернікаў «усходняй царквы» [1, с. 88–89, 96–97, 103–105]
і сцвярджаў неабходнасць знішчэння ўніі і даравання «успокоене грунтовное веры православной Грецкой» [1, с. 106]. Менавіта з гэтай прапановай ён неаднаразова звяртаецца да караля Рэчы Паспалітай і Сейма.
Выступаючы на сейме 1643 г., Філіповіч патрабаваў неадкладна абараніць інтарэсы праваслаўных, у іншым выпадку гаспадару і сейму пагражае «страшны суд»: «Хотей же, ваша королевская милость… абы вера правдивая Грецкая грунтовне была успокоена, а унея проклятая вынищена и внивечь обернена; бо если унею проклятую выкорените,
а всходнюю правдивую церковь успокоите, то щастливые лета ваши поживете. А если не успокоите веры правдивое Грецкое и не знесете унеи проклятой, то дознаете запевне гневу Божого... В воли то человечей есть. Обирай же собе, што хочь, поки час маешь...» [1, с. 74–75].
Да «Навін» далучаецца кароткая развага Афанасія Філіповіча «Падмурак непарадку касцёла Рымскага». Асноўнымі прычынамі «няладу» ў каталіцкай царкве, на яго думку з'яўляліся парушэнне канонаў, прадпісаных апосталам Паўлам – аддзяленне Рымскага Папы ад чатырох усходніх патрыярхаў і абранне галавы каталіцтва ніжэйшымі святарамі.
У Праваслаўнай царкве па смерці аднаго з патрыярхаў яго месца займае новы выбраннік, прысвечаны ў гэты сан іншымі ўсходнімі патрыярхамі, што валодаюць роўнай духоўнай уладай. Такі духоўны парадак запаведаны самім Ісусам Хрыстом як правадыром зямной Хрысціянскай царквы.
А цяжар грахоўных дзей заходняга кліру стаў такі вялікі, што «ваги несправедливости ... аж до самого центрум пекелного упали». Таму будзе Страшны суд Божы, па выніках якога ім забяспечаны вечныя пякельныя пакуты.
Падрыхтаваўшы некалькі асобнікаў мемарыяла «Навіны», Афанасій Філіповіч адправіў яго каралю. Не атрымаўшы адказу, ён напісаў «Супліку трэцюю», дзе паўтарыў сведчанні пра праведнасць Праваслаўнай царквы, пра беды, прынесеныя уніяй, пра хуткі канец свету. Аднак Бог, на думку праваслаўнага святара, можа змяніць свой справядлівы гнеў на міласць польскаму каралю і яго дзяржаве, калі той зробіць ласку даць «пожаданое успокоене Церкве Всходнеи правдиве кафолицкои». Кароль не толькі мае права, але і абавязаны ўдзельнічаць ва ўрэгуляванні рэлігійных спрэчак. Так паступалі і першы хрысціянскі валадар Канстанцін, і іншыя хрысціянскія правіцелі Захаду і Усходу. Таму «ўбогі законнік» (Афанасій Філіповіч) звярнуўся непасрэдна да караля з заклікам «пилно вейзрити в тые справы церковные». Скасаванне уніі немагчыма без выпраўлення духоўнай арганізацыі Рымскага касцёла. Правадыру каталікоў варта неадкладна злучыцца з патрыярхамі Усходу. Росквіт каталіцтва – часовы; толькі літасць Боская і дух вечнасці захоўвае Рымскі касцёл ад справядлівай кары. Высылка з Рэчы Паспалітай папскага нунцыя – знак таго, што кароль недалёкі ад здабыцця Царства Нябеснага. Скасаванне ж уніі прынясе каралю не толькі нябесную славу, але і поспех у зямных справах: «Посол вашой кролевской милости, пана мне милостивого, до Москвы посланый, як в светлых променях воли Бозскои з дару Его святого внутрным оком вижу, заровнивается в одправе зо мною, послом Бозским. Як я, нендзный, выслухан и усправедливен буду в справах так великих и поважных Его святых, успокоеню, мовлю, веры православнои Грецкои, то так и там волею Бозской ехо паде» [1, с. 74–75].
І на гэтую сваю адозву подзвіжнік не атрымаў адказу. Наступнай яго працай стала прамова «Прыгатаванне на суд», напісаная на выпадак выкліку ў суд. Яна пачынаецца з кароткіх звестах пра гісторыю хрысціянства, прынятага Руссю з Канстанцінопаля, а Польшчай з Рыма – абодва народы Рэчы Паспалітай «двоякую якобы веру чинили, и двояко ся тут здавна Русь и Поляки, звлаща в набоженстве, заховали». Каралі паважалі правы і прывілеі праваслаўя, а Канстанцінопальскія патрыярхі
з руплівасцю выконвалі свае пастырскія абавязкі.
Уніяты сталі самымі жорсткімі ганіцелямі Праваслаўнай царквы.
На думку Філіповіча, прынцыповыя рознагалоссі паміж вернікамі Саборнай Апостальскай і ўніяцкай цэрквамі былі ў наступным:
1. Замест адзінага пастыра Ісуса Хрыста прызналі яго намесніка на зямлі – чалавека: «же одопхнули мизерне правдивого, единого пастыра Иисуса Христа од Церкве, Его власною кровию пренайдорожшою набытой, и одтяли голову сполне Бозскую и чловечую од тела Его
(аж з уруганем пышным), а приняли собе на тое местце чловека едного за пастыра и голову».
2. Парушэнне прывілеяў і нормаў свецкага і духоўнага права Рэчы Паспалітай і замена іх пастановамі Фларэнційскага і Трыдэцкага сабораў: «же взрушили право посполитое духовное и светское, публичное
и приватное, то ест: каноны, статуты и конституции, фундуши и привилея, также значне и явне чинячи умнейшене и затлумене веры правдивой Грецкой, бо доложоно того в листи, от отца папежа Клементиа им даным, абы вже толко, ведлуг сенодов Флиоренского и Триденского, заховывалися, то есть: щоколвек вже други Костёл Рымский, Заходний, хвалит, абы и они хвалили».
3. Розніца ў разуменні хрысціянскіх дагматаў: «похожение Святого Духа так и од Сына, як и од Отца, сакромент святый в оприсноку под единою особою, чистец душам по смерти огнистый, пост соботный и иншии посты розерваныи, безженство капланом светским, календару отмена, юбилеуши на непопелныи грехи, отпущениа грехов, и все ведлуг наук вымышленых, новых, папежских, що рок одменных, а не ведлуг Христовых, апостолских сенодов седми и канонов Отцев Святых».
4. Раскол адзінай сапраўднай праваслаўнай веры: «же целость двом тылко релиам, мяновите Рымской и Грецкой з давных часов тут правом наданую и змоцненую, отняли и поторгали».
У сваім творы – «Пра падмурак царкоўны» – Афанасій Філіповіч закрануў пытанне пра аўтарытэт папы і рымскага біскупа, адно з самых вострых рознагалоссяў праваслаўя і каталіцтва. Філіповіч сцвярджаў, што ў Новым Запавеце няма згадак пра асабістыя правы апостала Пятра, адпаведна іх няма ў нібыта яго духоўнага пераемніка, Папы Рымскага.
Яму таксама належыць «Порада побожная, именем Иисуса Христа, Откупителя нашего, кролю Полскому Владиславови Четвертому, пану
а пану мне милостивому». Афанасій Брэсцкі прапанаваў каралю знішчыць ерэтычныя, іўдзейскія і язычніцкія сачыненні; выгнаць з дзяржавы езуітаў, «бо значнии то суть предотечи антихристовы». Далей ідзе размова пра слабасці ўлады Гаспадара: «Що то за лиос – быти господарем в нерядным дому и паном в своволном панстве? Добре ся то стало, же десятину з плебаний дают каплани вашой кролевской милости, пану мне милостивому. Значит то понижене гордости Римского панства, и юж упала».
Аб шанаванні імя Афанасія Філіповіча праваслаўнай царквой сведчаць паданне «О смерти славнои памяти небожчика отца Афанасиа Филиповича, игумена Берестейского православного (повесть през послушников его списана), року 1648 сталой, под час безкрулевя», складзенага пасля пакарання смерцю ігумена яго вучнямі і прыхільнікамі, а таксама іншых «жыццяў» і шматлікіх спісаў «Дыярыуша».
Такім чынам, дзейнасць Афанасія Філіповіча з’яўляецца адбіткам гістарычных абставін сярэдзіны XVII ст., напружанай міжканфесійнай барацьбы і сацыяльна-палітычных супярэчнасцей у Рэчы Паспалітай. Ён быў прыхільнікам ісіхазму (этычна-аскетычнага вучэння, пашыранага сярод праваслаўнага манаства), што абумовіла розныя ацэнкі яго дзейнасці ад рэлігійнага фанатызму (Кастамараў) да дзеяча «хрысціянскага гуманізму», аскета-апостала і актыўнага грамадскага дзеяча
[2, с. 370–371; 3, с. 93; 4, с. 247].
Для яго твораў характэрна выкарыстанне сакральна-містычных элементаў з апісаннем «чудесных видений» Прачыстай Багародзіцы ў вобразе Купяціцкай Божай маці, якая вызначала матывы і сродкі дзейнасці Берасцейскага ігумена для дасягнення галоўнай мэты – сусветнага сцвярджэння праваслаўя. Гэтымі абставінамі тлумачыліся некаторыя эпатажныя ўчынкі Філіповіча, накіраваныя супраць афіцыйных колаў дзяржавы ў барацьбе супраць пашырэння уніі і дыскрымінацыі праваслаўнага насельніцтва. Яго творы ўвасаблялі радыкальна-антыўніяцкі накірунак у праваслаўнай рэлігійнай палеміцы таго часу і значна паўплывалі на фарміраванне антыўніяцкіх настрояў у Рэчы Паспалітай.

Спіс выкарыстаных крыніц
1. Филиппович, А. Диариуш албо список деев правдивых, в справе помноженя и объясненя веры православное голошеный / А. Филиппович // Памятники полемической литературы в Западной Руси. – Пб.: Тип. А. Траншеля, 1878. – Кн. 1 (Русская историческая библиотека. Т. 4). – С. 49–156.
2. Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі: у 6 т. Т. 3: Рэфармацыя. Контррэфармацыя. Барока / аўтары тома: В.Б. Евароўскі [і інш.]; рэдкал. тома: В.Б. Евароўскі [і інш.]; Нац. акад. навук Беларусі, iн-т філасофіі. – Мінск: Беларус. навука, 2013. – 615 с.
3. Коршунов, А.Ф. Афанасий Филиппович: Жизнь и творчество
/ А.Ф. Коршунов. – Минск: Наука и техника, 1965. – 183 с.
4. Падокшын, С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага / С.А. Падокшын. – Мінск: Навука
і тэхніка, 1990. – 285 с.