У г. п. Акцябрскі адбылася экспедыцыя “Дарога да Святыняў”

03/09/2016

Традыцыйная экспедыцыя “Дарога да Святыняў” звычайна праходзіць у першую нядзелю верасня напярэдадні Дня беларускай пісьменнасці. З Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга яна пачалася ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска, а завершылася 4 верасня ў сталіцы беларускай пісьменнасці – горадзе Рагачове. Яе маршрут праходзіць праз Дзяржынскі, Салігорскі, Калінкавіцкі, Светлагорскі раёны і праз Акцябршчыну. І гэта не выпадкова, бо экспедыцыя з году ў год праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячоў краіны розных часоў.
На гэты раз мерапрыемства аб’яднала прадстаўнікоў духавенства, навукі, культуры і мастацтва, настаўнікаў, паэтаў і пісьменнікаў. Так, на Акцябршчыну ўдзельнікі экспедыцыі рушылі ўпершыню. Познім вечарам дэлегацыя зрабіла прыпынак на Цэнтральнай плошчы райцэнтра. Мясцовыя жыхары ў знак гасціннасці і добразычлівасці сустракалі доўгачаканых гасцей хлебам-соллю, а настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы, айцец Герасім Мазоль па ўсім хрысціянскім канонам асвяціў прысутны люд Благадатным агнём і іконай Загор’е-Сталавічскай цудатворнай, якія яму перадалі святары па прыезду.
Прывітаў удзельнікаў дэлегацыі, а таксама ўсіх прысутных, старшыня Акцябрскага райвыканкама Руслан Аляксандравіч Глушко. У сваім выступленні ён адзначыў, што для нас вельмі пачэсна, што маршрут паважаных місіянераў пралягае праз населеныя пункты Акцябрскага раёна, і выказаў словы падзякі арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства, бо яно абавязкова стане важным крокам да пашырэння духоўнага патэнцыялу жыхароў Акцябрскага раёна.
– Для нас вялікі гонар прымаць на свяшчэннай Рудабельскай зямлі такіх пачэсных гасцей, – адзначыў Руслан Аляксандравіч. – А ў акцябрычан на старонцы сучаснай гісторыі з’явілася магчымасць зрабіць свой унёсак, выканаць асветніцкую місію і падоўжыць традыцыі дзяржаўна-царкоўнага супрацоўніцтва.
З самымі найлепшымі словамі падзякі за сустрэчу да акцябрычан звярнулася кіраўнік дэлегацыі, пісьменніца, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Ніна Сямёнаўна Загорская. Шмат шчырых слоў яна выказала ў адрас мясцовых жыхароў, бо па прыезду адразу адчулася іх хлебасольнасць, лагоднасць, спагадлівасць. Яе падтрымаў і настаяцель храма святога Міколы Цудатворца в. Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна, пратаіерэй Аляксандр Пачопка, які пажадаў, каб Гасподзь паслаў усім людзям і на пасёлак Акцябрскі Божае благаславенне ад Благадатнага агню, які яны прывезлі, каб Усявышні асвяціў людскія душы, ачысціў сэрцы, даў добрага здароўя і далейшых поспехаў у працоўнай дзейнасці. З такімі ж пажаданнямі і прывітаннем да прысутных звярнуўся настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы у г. п. Акцябрск і, пратаіерэй Герасім Мазоль. Свяшчэннаслужыцель перадаў удзельнікам дэлегацыі асвечаную землю Акцябршчыны, якая будзе змешана з усёй, папярэдніх ходаў, асвечанай зямлёй.
Пасля мітынгу пачэсныя госці, святары, прыхаджане царквы Пакрова Прысвятой Багародзіцы, жыхары райцэнтра прайшлі Хрэсным ходам па галоўнай вуліцы гарпасёлка. Паўсюль прысутнічала ўзнёсласць і ўрачыстасць, бо людзі ад шчырага сэрца імкнуліся далучыцца да Бога праз Благадатны агонь і іконы, прывезеныя на Акцябршчыну.
У мясцовай царкве прайшоў малебен з удзелам айцоў Герасіма і Аляксандра. Жадаючыя атрымалі благаславенне і змаглі запаліць свечку ад Благадатнага агню, каб прынесці яго дадому і асвяціць ім сваё жыллё. Ад удзельнікаў экспедыцыі Аляксандр Пачопка падараваў мясцовай царкве Загор’е-Сталавічскую ікону Пакрова Прасвятой Багародзіцы, і цяпер прыхаджане змогуць пакланяцца Яе святому вобразу. Пасадзілі ў той вечар і сад Малітвы. Маладыя дрэўцы набяруцца моцы і войдуць у сілу. Яны застануцца добрым знакам і будуць заўсёды напамінаць аб тым, што і на нашу зямлю прывяла дарога Святыняў місіянераў, якія зараз будуць ведаць славутую Акцябршчыну.
На тэрыторыі храма жадаючыя таксама змаглі азнаёміцца з творчасцю вядомых літаратараў: пісьменніка Беларусі – Анатоля Башлакова і паэта Вадзіма Спрынчана.
Першага верасня ўдзельнікі дэлегацыі ладзілі творчыя сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, дзяліліся з вучнямі і настаўнікамі не толькі сваёй мудрасцю і талентам, але і далі магчымасць праз слова Божае звярнуцца да хрысціянскіх традыцый. На іх агульную думку, толькі адзінствам і любоўю можна ўратавацца ад чэрствасці і знявагі адзін да аднаго.

Наталля Евенка. Фота аўтара.